Work Text:
Хлопчык лет дзесяці бег сярод зялёных, як яго валасы, палёў, сярод летніх пагоркаў, поўных кветак і сакавітых траў, разам з ім перакінутая праз плячо торба то падскоквала да гары, то хлопала па целе, а то зноў уздымалася ў вышыню. І цудам было тое, што ўсялякія дробныя рэчы не выпадалі з торбы. Мабыць то і сапраўды была магія, створаная маленькім чараўніком.
Гэты бег не быў бяздумным поцягам да прыгод: хлопчык меў нейкая месца да якога старанна цягнуўся, з усёй сілы спрабуючы не звяртаць увагі на разгарнуўшаеся ва ўсю моц лета, што ў гэтых мясцінах заставалася больш чым на паўгода, і зусім не любіло саступаць сваё месца дробнай восені і хуткай, але снежнай зіме.
Сярод невялікіх празрыстых лясоў, сярод хуткіх крынічак, сярод вялізных валуноў раскіданых там-сям, сярод неверагоднай прыроды, поўнай маленькіх прыгод, ляцеў шлях Айко, які быццам і не ведаў стомы. Ён увесь імкнуўся кудысьці, і нават яго зялёныя косы, падобныя на дрэды, ды часткі змяінай лускі, якая сям там выступала на яго скуры— яны падскоквалі, варушыліся, беглі разам з хлопчыкам. Урэшце-рэшт ногі прывялі яго да патрэбнага месца: невялічкая прагаліна, што схавалася між велічэзных старых дрэў. На траву яскравымі плямамі падалі сонечныя промні, раскіданыя валуны сям-там выпаўзалі з-пад зямлі, нібы часткі вялізнай каменнай змяі, дзесці ў красках непрыкметна гулі пчолы.
Айко аддыхаўся, агледзеўся навокал і з асалодай плюхнуўся на дол. Мабыць, менавіта тут скончылася яго маленькае цуда— і з торбы вывалілася амаль палова рэчаў. Хлопчык не спужаўся, не кінуўся адразу іх збіраць, а толькі зірнуў на гэты выпадак с з шырокай і шчырай усмешкай—і рэчы, як млявы ручай, самі пацяклі да торбы, вяртаючыся на сваё месца. На траве засталіся толькі Айко да трыдуда: надзвычайны музычны інструмент, які складаўся з трох металёвых жалеек, аб’яднаных канцамі, і з шматлікіх адтулін.
Яшчэ крыху пасядзеўшы, назіраючы і слухаючы летні лес і яго непрыкметных жыхароў, Айко працягнуў руку да сваёй трыдуды— і яна, быццам сама, легла ў руку. Хлопчык зноўку агледзеўся, сеў насупраць аднаго з валуноў, прыхіліў музычны інструмент да вуснаў, набраў паветра ў лёгкія, прыгатаваўся да гры, цяжка ўспамінаючы ноты, — і выціснуў з сябе толькі жудасна скрыпучыя, гватлуючыя вушы гукі.
Айко скрывіўся і цяжка ўздыхнуў, а ўся мясцовая жыўнасць схавалася і збегла далей адсюль, казалася, што нават трава схілілася ніжэй да долу, каб не чуць гэтага. Хлопчык з нейкім болем паглядзеў на камень, побач з якім сядзеў, і, відаць, не ўбачыў там анічога патрэбнага. Ён яшчэ раз акінуў позіркам гэтую прагаліну, паклаў трыдуду да торбы, цяжка падняўся і, нібы смоўж, папоўз дадому. Айко ўжо не бег, ратуючыся навакольнаму лету, а ўзрушана ішоў, не заўважаючы анічога вакол сябе.
Гэта было не першы няўдалы выпадак і нават не другі, гэтак было ўжо безліч разоў, а Айко ўсё ішоў на тое месца і спрабаваў граць, і яшчэ, і яшчэ, і зноў.
Шлях дадому, цалкам адрозніваўся па настрою, бо ўся мясцовая прыгажосць быццам страціла ўсе фарбы і торба не падскоквала радасна, а толькі панура боўталася на боку і мабыць сумавала разам з сваім маленькім уладаром.
Родная вёска, да якой нарэшце дайшоў Айко, не сустрэла яго вясёлымі галасамі і смехам: яна быццам апусцела, бо ўсе мясцовыя досель былі на працы ў полі, на пашні, але не ў сваіх падворках. Хлопчык ціха ішоў праз галоўную вуліцу, асцярожна аглядаючы наваколле, дзесці ён прыхіліўся, каб быць шчэ ніжэй, —па ўсім гэтым было відаць, што Айко вельмі не хацеў спаткаць нейкую асобу. Хлопчык ужо амаль дайшоў да брамы сваёй хаты, адчуваючы сябе лягчэй, і нават прыгатаваўся, каб прайсці праз браму і двор да дому, як пачуў ззаду голас:
—Ужо тут? Няўжо ты прыйшоў з нейкім поспехам, — з нейкай кплівасцю гучаў дарослы жаночы голас. Айко ўвесь сціснуўся, вушы яго адразу запалалі чырвоным, ён няхутка павярнуўся да жанчыны і схіліў галаву да долу, каб не глядзець у вочы сваёй настаўцы. Але хлопчык нават і не спрабаваў штосьці адказаць, неяк апраўдацца.
Жанчына цяжка ўздыхнула, пацерла зморшчаны лоб, з намаляваным на ім срэбным трохкутнікам, і працягнула:
—Айконі, мне прыйдзецца паразмаўляць з тваімі бацькамі. Дзеля твайго будучага, ты павінен прыкласці ўсе свае сілы, але за ўвесь час ты не падняўся ні на ўзровень.
Айко ўзрушана стаяў, нават не падымаючы галавы. Ён не разумеў чаму ў яго ніяк не атрымліваецца, чаму ў яго на лбе досель намаляваны самотны чырвоны трохкутнік.
—Зразумей, што я разам з тваімі бацькамі жадаем цябе лепшай будучыні, — працягнула настаўца, — і спадзяемся, што праз час ты будзеш насіць імя Айкото.
—Але ж і вы не досель Натталь, а не Наттато!— з агідай у голасе і пачырванеўшымі ад блізкіх слёз вачамі ўсклікнуў хлопчык.
—Мне да Наттато засталося толькі 2 срэбных узроўні, але нават яны—гэта шмат часу, спроб і аттэчвання свайго майстэрства. Калі кожны дзень ісці на тое месца і рабіць толькі АДНУ спробу, спадзяваючыся на ўдалы дзень, то гэта можна страціць мільён дзён, покуль што-небудзь атрымаецца.
Вочы і бровы Айко ад такіх лічбаў палезлі далей на лоб, і ён спытаў:
—На гэта трэба столькі часу? Хіба ж нельга як-небудзь хутчэй вывучыцца?
—Так, спосаб дзейсна ё, —адказала жанчына і хітра ўсміхнулася.
—Які? Кажыце, не таміце, — вочы хлопчыка запалалі маленькімі агеньчыкамі ад прадчування хуткага поспеху.
—Антоні, табе трэба дасканала вывучыць ноты, каб музыка сама лятала, бо калі ты страчаеш усе сілы толькі на тое, каб прыгадаць як усё граецца, то на магію анічога ўжо не застаецца. Калі ўсё будзе класічна і правільна, то ўсё нарэшце атрымаецца.
Айко цяжка застагнаў, прадчуваючы надта шмат працы.
—Але гэтая музыка настолькі нудная, — працягнуў ён.—Хіба яна можа каго-небудзь разбудзіць, наадварот толькі гоніць да сну.
—Але ж на ўсё ёсць правілы і іх трэба выконваць, нават калі яны нудныя, — адказала Натталь, скончыўшы на гэтым размову.
Яна нетарапліва сышла адсюль, апіраючыся на палку пры кожным руху, а Айко правёў яе поглядам, зноў павярнуўся да брамы ў свой двор, хацеў працягнуць руку, але не зрабіў гэтага, цяжка на двор зірнуў, глыбока ўздыхнуў і ўзрушыў далей ад дома. Ён пайшоў далей, туды, дзе сярод высокай травы можна сустрэць толькі буйны вецер.
Айко ціха дайшоў да невялічкага ўзгорка, на верхавіне якога стаяло велічэзнае дрэва. Хлопчык сеў у яго каранях, прыхіліўся спінай да зморшчанай кары і слухаў шэпт зялёнага лісця, якія нібы суцяшалі Айко. Яны дрыжалі, ціха гаварылі пад ціскам ветру, які спрабаваў грацца з светла-зялёнымі валасамі хлопчыка ды пеў свае таямнічыя песні, поўныя свабоды і чагосьці новага.
Вочы хлопчыка імкнуліся заплюшчыцца, каб надаць целу доўгачаканы пакой, але думкі ніяк не маглі супакоіцца: яны беглі, разбіваліся, мяшаліся, перакульваліся і падалі кудысьці ў бездань. І калі барацьба паміж сном і ўстрывожанымі думкамі амаль скончылася на карысць першага, Айко пачуў шэпт травы, па якой нехта ішоў і набліжаўся да яго.
Хлопчык прыхіліўся да дрэва, схаваўшыся за ім. Але гэтыя ціхія крокі былі занадта моцным іспытам для стрыманасці і ўседлівасці Айко, таму ён асцярожна пачаў выглядаць з-за дрэва, каб угледзець: хто там ідзе. Верагодна, гэта быў хтосьці з аднавясковых, ці, у крайнім выпадку, хтосьці з бліжэйшых вёсак—інакш гэта было б падазрона для гэтай ціхай і нават соннай мясцовасці.
Айко амаль поўнасцю высунуў галаву з-за дрэва, калі нарэшце пабачыў таго, хто ішоў да яго схованкі. Хлопчык шчыра ўсміхнуўся і радасна ўсклікнуў:
—Янь!
Асоба, якая набліжалася да яго, спынілася, паглядзела ў бок Айко, убачыла яго і з радасцю на твары памахала яму рукой. Ужо менш чым за хвіліну дзяўчына была побач з ім. Яна лёгка села побач з братам, узмахнуўшы доўгімі зялёнымі косамі, больш падобнымі да дрэдаў. Дзяўчына была старэйшая за Айко на шэсць год, але хлопчыку ўяўлялася, што на некалькі жыццяў была мудрэйшая за яго сястра, якая заўсёды знаходзіла і дапамагала яму ў цяжкі момант. Так, былі паміж імі і сваркі, але яны па-сапраўднаму клапаціліся адзін пра адно.
І покуль брат і сястра сядзелі моўчкі пад старым дрэвам, які ціха гаманіў з небам ды ветрам. Янь і Айко прыхілілася плячыма і слухалі гэтыя старыя размовы, што быццам не змяняліся з стварэння свету. Яны ведалі, што дзень не бясконцы і праз некалькі гадзін прыйдзецца йсці дадому, але пакуль з імі іх займалі толькі дзіцячая бесклапотнасць, прыгажосць навакольнай мясціны ды ціхі шэпт, тых хто пражыў столькі, што могуць лічыцца багамі.
Янь усміхнулася сваімі фіялкавымі вачыма, якія зачароўвалі ўсіх мясцовых падлеткаў, і спытала свайго брата аб тым, што здарылася. Ён з дзіцячай агідай і пылкасцю распавёў пра несумленны лёс, пра нудныя заняткі, пра дакучлівых дарослых, якія толькі і дбаюць пра нейкую загадкаваю будучыню, пра класічную музыку, ад якой ён засынае, пра сваю мясціну, куды так імчыцца кожны дзень, пра вялізныя валуны.
Сястра цярпліва выслухала хлопчыка, не перарываючы яго, не гаворачы, што гэта ўсё бязглуздзіца і што Айко маленькі і шмат чаго не разумее, як гэта часта любяць гаварыць дарослыя, поўнасцю ўпэўненыя ў тым, што маюць рацыя, і поўнасцю ўпартыя, настолькі што нічога новага ім ужо не данесці.
Калі Айко скончыў свой палкі маналог, нарэшце прыйшла чарга да Янь, каб разам з ім знайсці выхад.
—А табе абавязкова граць менавіта гэту мелодыю, менавіта з такім рытмам, каб кагосьці абудзіць, — нечакана спытала сястра. Хлопчык адразу паглядзеў на яе здзіўленымі вачыма, нават не ўяўляючы, як Янь магла прапанаваць нешта новае ў іх краіне, дзе ва ўладзе стаялі тыя меркаванні, якія нібыта бачылі нараджэння сусвету. Яны амаль не змянілася, і нават, калі нешта новае прымалася ў астатніх дзяржавах, у гэтай краіне самояў змены прыходзілі толькі праз 4-5 стагоддзяў, калі памірала ўжо не адно пакаленне.
Таму прапанова Янь зайграла яскравымі фарбамі ў галаве хлопчыка, які шчэ не настолькі быў уцягнуты ў гэтыя дарослыя правілы і строгія традыцыі. Ён быў шчэ дзіцём, якому цікавей самому даследаваць свет, чым ісці па ўжо пракладзенаму шляху, а яго сястра была падлеткам, што бясконца шукае сваё месца.
І вядома, што яны, шчэ не поўнасцю паглынутыя дарослым светам, спрабавалі знайсці штосьці прынцыпова новае, і іх вабілі невядомыя досель прыгоды, бо нейкі дзіцячы рамантызм, выгаданавы на чароўных казках, яшчэ не развітаўся з імі. Брат з сястрой, зразумеўшы што іх чакае цудоўная гісторыя, падаваліся з месца і пабеглі ў таемны закутак, шчыра ўсміхаючыся, гамонячы і смеючыся.
Яны, нібыта героі казак, імчаліся сярод наваколля, не заўважаючы анічога, пралятаючы хуткія рачулкі, пераскокваючы нізкія платы і валуны. Хутка, амаль незаўважна для вока, змяняліся палі, пералескі, узгоркі, нізіны, рэчкі, лясочкі, пакуль ногі не спыніўся сярод лесу, там, у таемным месца, дзе нібыта разам спыніўся і час і толькі ласкавыя промні сонца ды ціхія спевы пчол нагадвалі пра жыццё па-за тоўстымі мурамі лесу. Адразу з нагамі спыніўся і карагод з навакольных месц у вачах.
Перад Янь і Айко, нават калі апошні бачыў гэта не ў першы раз, раскінулася найпрыгажэйшая карціна: цёпла-зялёная трава, якая вабіла сваім водарам, мяккі пух, які танчыў у сонечным святле, магутныя валуны, на якіх ціха спаў мох, маленькія краскі, якія весела ўсміхаліся сваімі суквеццямі, — усё гэта так і цягнула паляжаць у гушчарах траў ды застацца тут назаўсёды ці пакуль не скончыцца лета.
Брат з сястрой няспешна азіраліся, абіралі лепшае месца, каб нарэшце паэксперымнетаваць. Праз некаторы час Янь сядзела пасярод кветак і траў, а Айко ўзвышаўся, седзячы на самым маленькім з валуноў. Ён дастаў з торбы трыдуду і пачаў граць тое, што падказвала яму душа, а дзяўчына глядзела на яго, у чаканні цуда. Хлопчык, няхай і няўмела, але граў з такой заахвочанасцю, якога гэты лес не чуў досель. Але, як не змагаўся Айко з музычным мастацтвам, ніякага цуда не здарылася.
—Гэта ўсё бессэнсоўна!—усклікнуў ён, з горыччу ў голасе. —Мо, справа не ў музыцы, а ва мне?!
Айко крычаў, і па яго твары было відаць, што ён з апошняга стрымлівае пякучыя слёзы, якія вось-вось устрымяцца ўніз разбураючы ўсё. Янь кінулася да брата, сціскаючы яго ў абдымках і асцярожна шэпчучы нейкую калыску і пяшчотныя словы, каб неяк суцешыць яго. Ёй было цяжка бачыць, як дарослы свет, такі непадобны на казку, упершыню так б'е па Айко.
—Слухай, мо паспрабуй яшчэ?— з пяшчотай у голасе прапанавала сястра. —Нават у казках у галоўных герояў не ўсё атрымлівалася з першай спробы, а як мінімум з трэцяй.
—Сапраўды так?— сціраючы далонню слёзы з вачэй, спытаў хлопчык і ўжо з надзеяй працягнуў:—Сапраўды можа атрымацца?
Сястра ціха пацвердзіла, спадзяючыся на цуда, і сказала яму, каб сыграў зноўку.
Айко зноў сеў на месца, зноў трымаў трыдуду, зноў глядзеў на валуны, але цяпер у яго вачах палала надзея і імкненне да доўгачаканай перамогі. Рукі пачалі граць новую вясёлую мелодыю—праз хвіліну, дзве, пяць, дзесяць нічога не атрымалася. Але хлопчык не думаў бегчы адсюль і ўсё кідаць, а толькі насупіў рэдкія зялёныя бровы—і загучала музыка, што сама кідала ногі ў скокі. Але зноўку яго чакала няўдача.
Тады Айко, усё яшчэ сціскаючы свой музычны інструмент, кінуў спалоханы погляд на сястру, якая асцярожна падштурхнула граць далей. Хлопчык цяжка ўздыхнуў, сціснуў у руках трыдуду, якая блішчэла на сонцы золатам, і нарэшце пачаў граць.
Чароўным карагодам палілася музыка, якія спачатку, быццам спрабуючы, дакраналася да ўсяго на гэтым пралеску, а потым пачынала ўсё больш кружыць, кружыць і кружыць наваколле, уцягваючы ўсё ў незвычайны танец. Гэта была сапраўднае спалучэнне магіі і мелодыі, у якой чулася нешта забытае, быццам старая мова, што была тут спакон стагоддзяў.
Усе адчулі, што нешта заварушылася, быццам скідаючы сон, разам з гэтым музычным выбухам магіі. Айко ўзрадаваўся і быў ужо гатовы ззяць, як зорка, ад шчасця.
Валуны гучна дрыжалі, быццам нешта складзенае з іх прачыналася. Па аднаму самаму вялікаму валуну спачатку пайшлі расколіны: спачатку пабеглі маленькія, а потым — адна за адной, што ўжо можна пабачыць тое, што было схавана за гэтым каменнем досель. І, калі прыглядзецца, то можна было ўбачыць, што гэты валун быў вялізнай галавой, а расколіны—часткай вялікага вока, якое павольна адчынялася пасля доўгага сну. Нарэшце ў ім убачыш і змяіную зрэнку. І так, складаючы ўсе часткі валуноў, раскіданых навокал, зразумееш, што гэта толькі часткі спячых каменных змей. Менавіта з імі і жадаў паразмаўляць Айко, менавіта з імі размаўляла яго настаўніца і яшчэ некаторыя з самояў.
Хлопчык скокнуў, захаплённы шчасцем, і ў яго галаве буйным патокам гучалі думкі: 《У мяне атрымалася! Усё атрымалася! Усё не бессэнсоўна!》
Хутка Айко, калі ўжо трохі супакоіўся, пачуў словы каменнай змяі, які чулі і разумелі толькі нямногія з самояў. Гэта быў адначасова і самы ціхі шэпт, нібы каласы калыхаюцца ў паветры, і самы гучны голас, нібы раве вадаспад.
Словы грукалі ў вушы, і Айко нарэшце прыслухаўся да змяі і пачуў, што яна гаварыла:
—Дзіця, даўно ніхто не чуў, каб нас хтосьці так спрабаваў абудзіць, — засмяялася змяя, і з ёю задрыжала, смеючыся зямля, і быццам іншыя змеі—усе зліліся ў адзіны смех.
Калі гэты дрыгот скончыўся, Айко зноў услыхаў словы:
—Шчэ будзе з табе штосьці, маленькі Айкото, але нашмат пазней. На гэта патрэбен час, таму не спяшайся.
—Я не Айкото— я яшчэ толькі Айконі, — здзіўлена граў на трыдудзе хлопчык, але змяя ўжо анічога на гэта не адказала, а толькі павольна заплюшчыла вочы, вяртаючыся да сну.
Безумоўна, магіі Айко яшчэ не хапала, каб надоўга затрымаць яе бадзёрай ды шчэ размаўляць з ёй. Хлопчык доўга глядзеў на валуны раскіданыя там-сям, думаў аб каменнай змяе і яе маленькім прадказанні, няхай нават ён добра ведаў, што нельга слухаць тое, што прадказваюць, але Айко шчыра і з усяго сэрца верыў, а гэта мабыць і мацней за старую змяіную магію.
—Гэй! Хадзем ужо дадому, там ужо напэўна нас бацькі зачакаліся, — клікнула Янь брата. Яна па-сапраўднаму была здзіўлена цудамі, якія можа рабіць Айко, але ж яна ведала, што не адзінымі цудамі жыццё поўніцца, а што ў ім поўна іншых чароўных рэчаў. І яны чакаюць ужо зараз.
Брат з сястрой хутка падняліся з месца, збіраючыся дадому. Яны, не спяшаючыся, ішлі сярод таго, што было ім добра знаёмым, што было для іх роднымі мясцінамі, з якіх яны мабыць вырвуцца праз гады, зменяць імёны, але пакуль тут панаваў час дзяцінства, неверагодных прыгод, таямнічых закуткоў, летніх прысмак і любові да гэтага месца.
І покуль жыццё Айко было поўнае казак, а дарослыя дні няхай пачакаюць, разам з поўным імем і сур'ёзнымі абавязкамі, а сёння хай у яго дні будуць толькі радасць, смех і мабыць маленькія няўдаласці.
